Соцработник ЦСОН Кореличского района Марина Патук 20 лет несет приветливое слово своим подопечным

5 студзеня прафесійнае свята адзначылі работнікі сістэмы сацыяльнай абароны краіны. Працу сацыяльных работнікаў наўрад ці можна назваць лёгкай. А вось неабходнай і патрэбнай – без сумнення. Прадстаўнікі гэтай прафесіі, якая хутчэй з’яўляецца прызваннем, атачаюць увагай, клопатам і душэўным цяплом самыя неабароненыя катэгорыі грамадзян, сярод якіх пажылыя людзі, людзі з інваліднасцю, малазабяспечаныя сем’і, тыя, хто апынуўся ў складаным жыццёвым становішчы.

Душэўнай суразмоўцай, клапатлівай памочніцай, надзейнай апорай і падтрымкай уваходзіць у дамы карэліччан сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Марына Патук.

– На сённяшні дзень у мяне на абслугоўванні знаходзяцца дзевяць чалавек, – адзначае жанчына, якая прысвяціла прафесіі сацработніка 20 гадоў свайго жыцця. – Родам я з вёскі Горныя Руткавічы. Менавіта там доўгі час працавала сацыяльным работнікам, хоць жыла ўжо ў Карэлічах. Зразумела, дарога стамляла: 9 кіламетраў туды, столькі ж назад, а яшчэ па вёсцы находзішся. Часам на аўтобусе дабіралася, але часцей – на ровары. А зімы раней не такія былі. Памятаю, даедзеш на аўтобусе да вёскі,  а потым пешшу ідзеш па вялікім снезе, як першапраходзец, ледзьве ногі перастаўляеш. Прыйдзеш да падапечнага, вады, дроў альбо брыкету трэба прынесці, печ прапаліць, двор ад снегу ачысціць. Адным словам, работы дастаткова.

Па словах Марыны Патук, паход у магазін па прадукты або ў аптэку па лекі, аплата па рахунках, уборка кватэры, гатаванне ежы – гэта далёка не поўны спіс паслуг, які аказваюць сацыяльныя работнікі. Людзям састарэлага ўзросту вельмі не хапае ўвагі і душэўнай размовы.

– Заўсёды стараюся размеркаваць свой час так, каб засталося хвілін 10-15 выслухаць усё тое, што набалела, – дзеліцца сацработнік са шматгадовым стажам. – Зразумела, калі чалавек увесь час знаходзіцца адзін, яму хочацца пагаварыць, абмеркаваць убачанае па тэлевізары альбо пачутае па радыё, даведацца аб навінах у Карэлічах. Ды і ў кожнага з маіх падапечных няпросты жыццёвы шлях. Таму, бывае, нахлынуць успаміны, слёзы на вачах з’явяцца. Я ж пашкадую і супакою, слова добрае скажу. Ім гэта вельмі трэба.

Такім чынам, зачастую сацыяльны работнік становіцца адзіным злучальным звяном са знешнім светам, тым чалавекам, які падтрымлівае маральна і дапамагае фізічна.

– Мае падапечныя ў ежы непатрабавальныя. Любяць звычайныя вясковыя стравы, – расказвае Марына Патук. – Перад святамі, напрыклад, Новым годам, зразумела, хочацца разнастаіць меню, фрукты купляю, што-небудзь смачнейшае. Ды і ў хаце ўборкі прыбаўляецца, хочацца, каб чыста было. Мне ж з маімі падапечнымі пашанцавала. Зразумела, у кожнага свой характар, побытавы ўклад. Але я да людзей заўсёды                            добра стаўлюся, і яны адказваюць тым жа. Таму мы ладзім. Яны ж мне як родныя становяцца. Ды і я адчуваю, што майго прыходу чакаюць. Вядома ж, дзеці і родныя прыязджаюць не вельмі часта. А я да некаторых праз дзень, напрыклад, хаджу і з хатнімі справамі дапамагаю.

Пасля размовы з пазітыўнай і энергічнай Марынай Патук стала зразумела, што яна не толькі выконвае прамыя абавязкі сацыяльнага работніка, а робіць значна больш – з’яўляецца тым агеньчыкам дабрыні, што ўносіць яркія фарбы ў шэрую штодзённасць сваіх падапечных.

– Марына да мяне прыходзіць тры разы на тыдзень. І кожнага яе прыходу чакаю з нецярпеннем, – дзеліцца 92-гадовая Валянціна Лагута. – Яна мне здорава дапамагае з хатнімі справамі. Усё, што з прадуктаў папрашу, абавязкова прынясе. Ды і апошнія карэліцкія навіны раскажа, слова прыветлівае ад яе заўсёды пачуеш. Вельмі яна мне падабаецца, мы з ёй добра ладзім.

Комментирование и размещение ссылок запрещено.

Обсуждение закрыто.

Выбор языка сайта