Прадстаўнікі органаў мясцовай улады раёна аддаюць даніну павагі жывым сведкам тых вогненных гадоў

Час няўмольна аддаляе нас ад Вялікай Айчыннай вайны, але памяць аб тых трагічных і гераічных падзеях не сыходзіць у нябыт. У гэтым пераконваешся кожны раз, калі сустракаешся з ветэранамі, вязнямі вайны, працаўнікамі тылу. На Карэліччыне да іх заўсёды трапяткое стаўленне. Напярэдадні святкавання Вялікай Перамогі працоўныя калектывы, грамадскія аб’яднанні, прадстаўнікі органаў мясцовай улады раёна імкнуцца аддаць даніну павагі жывым сведкам тых вогненных гадоў. З 26 красавіка ўсім удзельнікам і відавочцам гадоў ліхалецця пачалі выдаваць матэрыяльную дапамогу да Дня вялікай Пермогі.

З самымі цёплымі пажаданнямі здароўя, радасці да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былой партызанскай сувязной Надзеі Пятроўны Кужалевіч завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў, работнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на чале з дырэктарам Інэсай Сямібратавай і вучні ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы”.

– Паважаная Надзея Пятроўна, прыміце шчырыя віншаванні з надыходзячым святам! Вы ў свае юныя гады паказалі сапраўдную сілу духу і жыццёвую стойкасць, тое, што перажылі Вы, не павінна паўтарыцца. Прайшоўшы праз боль, пакуты і жахі вайны, Вы змаглі захаваць у сабе неверагодную спагадлівасць і жыццялюбства, – сказаў Аляксандр Віктаравіч. – Мы жадаем вам моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту!

Букет чырвоных цюльпанаў, словы падзякі і віншавання атрымала ветэран ад піянераў ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы”. Кіраўнік гуртка “Музычная шкатулка” ЦСАН Мікалай Друцька з яго ўдзельніцай Тамарай Юрчык падрыхтавалі музычнае віншаванне.

Былая сувязная была рада клопату і ўвазе, не хавала хвалявання і пажадала ўсім міру і дабра.

У гэты ж дзень віншаванні ад першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгенія Бусько, старшыні Ярэміцкага сельвыканкама Пятра Навумовіча, органаў мясцовай улады, прадстаўнікоў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Ярэміцкага Дома культуры, піянераў ДУА “Ярэміцкая базавая школа імя Уладзіміра Калесніка” атрымалі вязень нацызмуГеоргій Сяргеевіч Бразоўскі і інвалід вайны Мікалай Аляксандравіч Пяцько.

Георгій Сяргеевіч ўсё жыццё пражыў на ярэміцкай зямлі, але ў графе аб месцы нараджэння ўказаны нямецкі горад Бадбрукеналь. Там, у лагеры для остарбайтараў, 4 красавіка 1945 года, за дванаццаць дзён да вызвалення, ён з’явіўся на свет.

— У сям’і аб нямецкім палоне гаварылі мала і неахвотна, — дзеліцца Георгій Сяргеевіч. — Я так разумею, што бацькам было цяжка пра гэта ўспамінаць, таму што гэта былі самыя жахлівыя старонкі іх жыцця, але памятаць пра гэта трэба ўсім нам, каб фашызм ніколі не падняў галаву.

Мікалай Аляксандравіч — адзін з тых, каму давялося перажыць ў непаўналетнім узросце нягоды і пазбаўленні, выкліканыя Вялікай Айчыннай вайной і яе наступствамі.
Мабыць, у кожнага, хто перажыў і на сабе адчуў цяжар вайны, падобны лёс. Аб’ядноўвае гэтых людзей тое, што яны не пасавалі перад цяжкасцямі, аднавілі разбураную краіну і сёння перакананыя: лепш міру і стабільнасці няма нічога на зямлі.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара

Комментирование и размещение ссылок запрещено.

Обсуждение закрыто.

Выбор языка сайта