На бягучым тыдні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў два важныя Указы: № 402 «Аб сацыяльнай падтрымцы», які ўступіць у сілу 1 студзеня 2025 года, і “Аб працягу тэрміну дзеяння праграмы сямейнага капіталу”. Гэта ў чарговы раз пацвярджае, што ў прыярытэце нашай дзяржавы – сацыяльна-арыентаваная палітыка.
Поўныя пенсійныя выплаты – стымул працягваць працоўную дзейнасць
За тлумачэннямі патрабаванняў Указа Прэзідэнта «Аб сацыяльнай падтрымцы» карэспандэнт газеты “Полымя” звярнулася да начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іны Богуш.
– Указ прадугледжвае меры, накіраваныя на адмену абмежавання памераў пенсій працуючым пенсіянерам, спрашчэнне парадку назначэння і атрымання пенсіі, а таксама дадатковую сацыяльную падтрымку сем’яў з дзецьмі, бацькоў дзяцей-інвалідаў.
Здымаюцца абмежаванні памеру пенсіі працуючым пенсіянерам
Працоўныя пенсіі працуючым пенсіянерам будуць выплачвацца без прымянення абмежавання па індывідуальным каэфіцыенце заработку (ІКЗ) не вышэй за 1,3. Па дзеючых правілах частка пенсіі, вылічаная з ІКЗ вышэй за 1,3, у перыяд работы не выплачваецца (выключэнне – работнікі, занятыя ў вытворчасці сельгаспрадукцыі). У залежнасці ад стажу і ІКЗ сума абмежавання ў пенсіянераў розная і можа складаць амаль 500 рублёў (пры працяглым стажы і ІКЗ 5 і вышэй).
На Карэліччыне сёння пражывае 6261 пенсіянер. З іх тыя, хто на 01.11.2024 г. працуе, – 1209 чалавек. Усім працуючым з 1 студзеня 2025 г. пенсія будзе налічвацца ў поўным памеры. Сярэдні памер пенсіі па раёне на канец кастрычніка складае 791 руб.
Пашыраны катэгорыі грамадзян для атрымання пенсіі на пошце.
Прадугледжана дадатковая падтрымка сем’ям з дзецьмі-інвалідамі.
Дзецям-інвалідам у выпадку смерці аднаго з бацькоў устанаўліваецца дадатковае павышэнне да пенсіі (з улікам ступені страты здароўя ад 80 да 110 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму). Павышэнне на гэтай падставе прадугледжана і для інвалідаў з дзяцінства I і II групы старэйшых за 18 гадоў, калі карміцель памёр да іх паўналецця (у памеры 110 і 95% БПМ адпаведна).
Указам прадастаўлена права на датэрміновую пенсію па ўзросце бацькам дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства), якія самастойна выхавалі дзіця, без удзелу маці. Сёння такая пенсія бацьку можа быць прызначана толькі пасля таго, як маці дзіцяці сфарміравала права на гэтую пенсію і адмовілася ад яе на карысць бацькі або не паспела выкарыстаць сваё права ў сувязі са смерцю.
Датэрміновую пенсію замест маці прызначаць бацьку пры дасягненні ім 58-гадовага ўзросту, пры ўмове пацвярджэння факту выхавання дзіцяці-інваліда не менш як 8 гадоў да яго паўналецця, стажу работы не менш як 25 гадоў, з якіх не менш як 5 гадоў работы з выплатай страхавых узносаў.
На Карэліччыне 188 чалавек атрымліваюць пенсію па страце кармільца, у тым ліку адно дзіця-інвалід
Новым указам таксама зніжаны страхавы стаж для жанчын з чатырма дзецьмі.
З 1 студзеня 2025 года жанчынам, якія нарадзілі чацвярых дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту, страхавы стаж для назначэння пенсіі па ўзросце зніжаецца з 10 гадоў да 5 гадоў, як гэта прадугледжана для жанчын з пяццю і больш дзецьмі.
На Карэліччыне на датэрміновую пенсію могуць разлічваць маці з 31 сям’і, дзе выхоўваюцца чацвёра дзяцей.
Усе дадатковыя гарантыі будуць прымяняцца з 1 студзеня 2025 года. Пры гэтым змены ў частцы новых катэгорый грамадзян, каму гарантуецца права атрымліваць пенсію на пошце без аплаты паслуг, пачнуць дзейнічаць ужо ў лістападзе 2024 года.
Слова – працуючым пенсіянерам
Работнік Карэліцкага аддзялення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Віктар Пятроўскі падзяліўся:
– З цікавасцю сачыў за прыняццем рашэння аб захаванні ў поўным аб’ёме налічанай пенсіі працуючым пенсіянерам. Вельмі ўзрадаваўся, што закон апынуўся на нашым баку. Прыемна, што дзяржава ўдзяляе нам, пенсіянерам, столькі ўвагі. Дзяржпадтрымка адчувальная, прычым ад нараджэння да глыбокай старасці. Павышэнне пенсіі некалькі разоў на год і яе рэгулярная выплата дае магчымасць адчуваць сябе ўпэўненым у заўтрашнім дні. А яе памер дасць магчымасць забяспечыць годны ўзровень жыцця пажылому чалавеку.
Падтрымка сям’і – нацыянальны прыярытэт дзяржавы
У нашай краіне з улікам патрэбаў сем’яў пастаянна ўдасканальваюцца меры сямейнай палітыкі, з’яўляюцца новыя формы і механізмы. Так, 30 кастрычніка бягучага года Кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ “Аб працягу тэрміну дзеяння праграмы сямейнага капіталу на наступны пяцігадовы перыяд (з 2025 па 2029 год) з захаваннем дзеючых умоў для яго назначэння”.
Дадзеным дакументам пашыраюцца магчымасці выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Так, даецца права іх датэрміновага выкарыстання пры будаўніцтве жылля. Не ўлічваюцца ў агульную плошчу жылля, якое знаходзіцца ва ўласнасці сям’і, жылыя памяшканні, якія не адпавядаюць санітарным і тэхнічным патрабаванням. Прадугледжваецца магчымасць датэрміновага выкарыстання сродкаў на набыццё долі (доляў) жылых памяшканняў, калі ў сям’і ўжо ёсць ва ўласнасці долі гэтых жылых памяшканняў. Дазваляецца таксама датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу на пагашэнне крэдытаў, выдадзеных на ўзвядзенне, рэканструкцыю, набыццё жылых памяшканняў.
Ва Указе ўпершыню замацоўваюцца правы дзяцей на жылыя памяшканні, пабудаваныя або набытыя з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу.
Устанаўліваецца магчымасць аплаты навучання за наступны навучальны год пры накіраванні сямейнага капіталу на атрыманне адукацыі (цяпер – за бягучы і папярэдні гады). Пашыраецца пералік сродкаў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў, якія можна набыць з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу.
Акрамя таго, дакументам прадастаўляецца права на назначэнне сямейнага капіталу замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, пры прыняцці імі грамадзянства не пазней за адзін год з дня нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга і наступных дзяцей.
Шматдзетная маці з г.п. Мір Кацярына Шнырко: “Жыві, радуйся, працуй!”
Вялікая сям’я – вялікае шчасце. Такую формулу для сябе вывелі Кацярына і Яўген Шнырко з г.п. Мір. У іх сям’і падрастае трое дзяцей.
На думку суджэнцаў, фінансавая падтрымка шматдзетным сем’ям у Беларусі аказваецца каласальная. Бацькі, якія выхоўваюцць трох і больш дзяцей, маюць права на атрыманне розных ільгот: жыллёвых, падатковых, сацыяльных. Самая запатрабаваная з іх – жыллёвая. Гэта льготны крэдыт на будаўніцтва кватэры або аказанне адраснай грашовай дапамогі на пагашэнне не льготнага крэдыту. Іх сям’я таксама скарыстала некаторыя магчымасці: на дадзены момант за субсідыю шматдзетным сем’ям і ўласныя сродкі яны пачалі будаўніцтва дома ў г.п. Мір. Таксама добры бонус для шматдзетных бацькоў – раз на тыдзень дадатковы выхадны. Маюць дзеці адпаведныя зніжкі на аплату падручнікаў і харчавання ва ўстановах адукацыі.
– Мы ўдзячныя нашаму Прэзідэнту за мірнае і шчаслівае жыццё, – адзначае Кацярына. – У нашай краіне многае робіцца для людзей. Тут ёсць усё, што неабходна для паўнавартаснага жыцця: цішыня, мір, дзеці спакойна растуць, ходзяць у школу. Як гаворыцца: жыві, радуйся, працуй! Для шматдзетных прадугледжана мноства бонусаў. Я не бачу складанасцяў ва ўтрыманні вялікай сям’і, калі ў краіне ўсё добра і аказваецца такая падтрымка.
Кампетэнтна
Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інэса Сямібратава расказала:
– На 01.11.2024 года ў раёне пражываюць 212 шматдзетных сем’яў: 168 з іх выхоўваюць 3 дзяцей, 31 сям’я – 4 дзяцей, 12 сем’яў – 5 дзяцей, а ў адной – 7 дзяцей. Важкая падтрымка шматдзетным сем’ям – сямейны капітал. Ён быў уведзены ў Рэспубліцы Беларусь у студзені 2015 года. Усяго за перыяд са студзеня 2015 года па чэрвень 2024 года Карэліцкім райвыканкамам прынята 263 рашэнні аб прызначэнні сямейнага капіталу, 126 рашэнняў аб распараджэнні яго сродкамі.
За дзесяць месяцаў бягучага года райвыканкамам прынята 22 рашэнні аб прызначэнні сямейнага капіталу, 12 рашэнняў аб датэрміновым яго выкарыстанні, у тым ліку: 9 – на паляпшэнне жыллёвых умоў, 1 – на атрыманне медыцынскіх паслуг, 2 – на атрыманне адукацыі на платнай аснове. Ордэнам маці ўзнагароджаны 24 жанчыны.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з архіва