Урачысты прыём, прысвечаны адкрыццю акцыі “Ад усёй душы”, прайшоў у Гродна. Яго гасцямі сталі амаль 60 прадстаўнікоў розных сфер і прафесій з усяго рэгіёна, вэтэранаў працы. Карэліччыну на мерапрыемстве прадставілі былыя загадчык гінекалагічнага аддзялення Карэліцкай ЦРБ Ганна Аляксандраўна Жарская і начальнік Карэліцкай райспажыўкааперацыі Галіна Леанідаўна Міхайлоўская.
Урачыстая цырымонія адкрыцця дабрачыннага марафона адбылася ў Гродзенскім абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі ў фармаце “Блакітнага агеньчыка”. У ёй прынялі ўдзел ганаровыя госці: старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вольга Сядзельнік, яе намеснік Аляксандра Гарачава, старшыня абласнога савета ветэранаў Іван Тустаў, старшыня абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” Іван Калбаска і іншыя. Ганаровыя госці ва ўрачыстай святочнай абстаноўцы выказалі словы падзякі ўсім людзям старэйшага пакалення, таму што менавіта яны ўнеслі значны ўклад у росквіт нашай суверэннай незалежнай Рэспублікі Беларусь.
– Арганізатарам паездкі ў Гродна выступіў калектыў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна, – расказала Ганна Жарская. – Запрашэнне на мерапрыемства стала для мяне прыемнай нечаканасцю. Усё прайшло прыгожа і ўрачыста. Вельмі прыемна было пачуць у свой адрас нямала добрых слоў. З асаблівым гонарам таксама трэба адзначыць, што нас не забываюць, дзяржава клапоціцца пра людзей, якія ўсё сваё свядомае жыццё аддалі служэнню людзям, нашай любімай Радзіме. “Ад усёй душы” – гэта добрая і прыгожая акцыя. Час праляцеў незаўважна. Так заўсёды бывае, калі табе добра.
– Сённяшняя ўрачыстасць – адкрыццё акцыі “Ад усёй душы” – адлюстроўвае пераемнасць пакаленняў, калі старэйшыя перадаюць веды і вопыт маладым, яна спрыяе ўмацаванню адзінства нашай дзяржавы, – зазначыла Галіна Леанідаўна. – Быць у ліку запрошаных на ўрачыстасць для мяне – вялікі гонар. Мерапрыемства прайшло цікава і душэўна. З цудоўнымі словамі да нас звярнуліся прадстаўнікі абласнога кіраўніцтва. Яны падзякавалі за вопыт і асабісты ўклад у развіццё рэгіёна. Вядома, не абышлося без прыемнага падарунка. Увогуле, навагоднія святы для мяне, як імкненне да наступнага, новага этапу. Яны ўсяляюць радасць і аптымізм, таму што я жыву і магу зрабіць нешта карыснае для людзей, для сваіх родных і блізкіх.
Кацярына КУКАНАВА