На стадыёне «Юнацтва» райцэнтра ажыўлена. Тут сабраліся прыхільнікі спорту пажылога ўзросту.
Старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Мірскага сельсавета Тамара Міхайлаўна Навіцкая адзначае:
— Мы ўпершыню прыехалі ў Карэлічы на марафон скандынаўскай хады. Нас усіх пяць ветэранаў працы: Ірына Фамінічна Нянашава, Людміла Васільеўна Гавіна, Ганна Іванаўна Кемеш, Людміла Мікалаеўна Шумава і я. Не адзін раз удзельнічалі ў мерапрымствах у г.п. Мір, якія арганізоўваў ЦСАН Карэліцкага раёна. Скандынаўская хада — прыемная сустрэча з сябрамі, яна яшчэ больш згуртоўвае нас, удзельнікаў народнага хору ветэранаў працы Мірскага ГДК, якому ў гэтым годзе будзе 39 гадоў. Як бачна, песня і спорт ідуць побач. Яны ўзнімаюць настрой і бадзёрасць духу. Хочацца часцей сустракацца і радавацца кожнаму імгненню жыцця.



Наведвальніца аддзялення падтрымкі актыўнага даўгалецця ЦСАН Карэліцкага раёна Сафія Антонаўна Бахмат гаворыць:
— Скандынаўскай хадой займаюся з 2017 года. Зараз наведваю фізкультурны гурток у ЦСАН Карэліцкага раёна, якім кіруе Іна Генадзьеўна Ляўковіч. Спорт для мяне — гэта жыццё, задавальненне і магчымасць трымаць арганізм у тонусе, сустрэча з аднадумцамі. Гэта прыбаўляе энергіі і бадзёрасці духу. На заняткі іду з вялікім задавальненнем. У нашай групе Тамара Паўлаўна Ратомская, Ірына Казіміраўна Дораш, Тамара Мікалаеўна Лейка, якія вызначаюцца добразычлівасцю і падтрымаюць у цяжкую хвіліну. Сёння мы прыйшлі на абноўлены стадыён з радасцю, каб разам адзначыць свята. Хочацца пажадаць усім здароўя, дабрабыту, заставацца маладымі ў душы.
Падчас адкрыцця 5-га рэспубліканскага марафону начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш адзначыла, што марафон стартуе ў пяты раз і пройдзе на высокім узроўні і ў добрым настроі. Мерапрыемства праходзіць на абноўленым стадыёне «Юнацтва», што яшчэ больш стымулюе ўдзельнікаў.

Іна Аляксандраўна адзначыла, што на кастрычнік прыпадае шмат свят, але галоўнае — свята душы. На працягу правядзення 16-й дэкады «Залаты ўзрост» пройдзе шмат мерапрыемстваў, на якіх людзі пажылога ўзросту змогуць паказаць сябе і парадаваць іншых. Яна выказала словы ўдзячнасці валанцёрам за клопат пра састарэлых і інвалідаў.
Загадчык сектара спорту Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Галушка адзначыў, што ветэраны працы з’яўляюцца прыкладам для моладзі і абралі правільны накірунак у жыцці. Звяртаючыся да прадстаўнікоў залатога ўзросту, пажадаў заставацца заўсёды ў спартыўным страі, весці актыўны лад жыцця.
Удзельнікаў марафону чакалі спаборніцтвы па трох відах спорту: скандынаўскай хадзе, кідках у баскетбольнае кальцо, дартсе.

Кожны накірунак вызначыў сваіх пераможцаў, і з лідарамі давялося пагутарыць. У скандынаўскай хадзе пераможцамі выйшлі Таіса Лявоцьеўна Салавей (першае месца), Людміла Уладзіміраўна Турлюк (другое), Ірына Аляксандраўна Бандарык (трэцяе).








«Для мяне гэта сапраўднае свята. Спорт натхняе і ўзнімае настрой. У ЦСАН Карэліцкага раёна наведваю гурток «Крокі да здароўя». Здароўе — асноўнае ў залатым узросце, і захаваць яго дапамагаюць у Цэнтры», — сцвярджае Т. Л. Салавей.
У спаборніцтвах па кідках у баскетбольнае кальцо месцы размеркаваліся наступным чынам: Тамара Паўлаўна Ратомская (першае месца), Ніна Мікалаеўна Жук (другое), Наталля Мікалаеўна Варанко (трэцяе). Т. М. Ратомская адзначае, што адчувае задавальненне і радасць ад таго, што ў залатым узросце змагла паказаць добры вынік.
У трэціх спаборніцтвах па дартсе вызначыліся свае пераможцы: Валянціна Фёдараўна Хіневіч (першае месца), Наталля Мікалаеўна Варанко (другое), Феафанія Міхайлаўна Каралько (трэцяе). В. Ф. Хіневіч прызналася, што спорт любіць з дзяцінства, асабліва веласпорт, якім займаецца да сённяшняга дня.




1 октября, 2026
admin
Опубликовано в 


























