Канікулы па рабочым раскладзе

Летнія канікулы — доўгачаканы і любімы час для дзетвары, які яна праводзіць з карысцю і вельмі весела. Многія дзяўчынкі і хлопчыкі не толькі адпачываюць, а яшчэ і працуюць. Кішэнныя грошы ніколі не бываюць лішнімі.

Па словах дырэктара Карэліцкай раённай бібліятэкі Ліліі Арцюх, падчас летніх канікул дзеці працуюць два тыдні на месяц. Рабочы дзень кароткі, па чатыры гадзіны ў дзень. Тым, хто хоча працаваць, павінна споўніцца 14 гадоў. Абавязкова наяўнасць медыцынскай даведкі.

Сёлета папрацаваць у бібліятэках раёна захацелі 23 чалавекі, з іх 17 ужо мелі такую магчымасць. Рабяты рамантуюць кнігі, падшывюць газеты і часопісы, выконваюць іншую працу ў Карэліцкай раённай і дзіцячай, Аюцавіцкай сельскай бібліятэках.

— Мая сястра Аліна летась працавала тут, і я таксама вырашыла паспрабаваць сябе на справе, — гаворыць вучаніца 9 класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» Рэната Юрго. — Даручаная справа ў бібліятэцы мне падабаецца — мы даём другое жыццё кнігам, і гэтыя творы хтосьці зможа яшчэ прачытаць і атрымаць ад гэтага вялікую радасць.

Па словах дзесяцікласніка ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Улада Маклюка, мастацкія творы ён чытае ў Інтэрнэце і бярэ ў школьнай бібліятэцы. А вось рамантаваць кнігі і часопісы для яго было ў навінку. «Падчас работы можна штосьці знайсці, каб потым пачытаць. Прыемны бонус — заработная плата. Гэта вельмі добра для моладзі летам, калі столькі вольнага часу», — гаворыць Улад.

Па словах начальніка аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Наталлі ГОЦКА, у раёне фінансуецца працоўная занятасць школьнай моладзі ў вольны ад вучобы час. Вучні школ раёна, а таксама навучэнцы Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа працуюць на базе ўстаноў адукацыі ў Жухавічах, Турцы, Красным, Райцы, Цырыне, Ярэмічах, Луках, Міры, Карэлічах, у Карэліцкай раённай бібліятэцы.

Сёлета запланавана працаўладкаванне 106 чалавек з ліку моладзі, якая вучыцца ў нашых установах адукацыі. На гэтыя мэты будзе накіравана 18700 рублёў са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнга фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

Па стану на 1 ліпеня 2019 года працаўладкавана 68 падлеткаў, з іх 4 стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, 6 выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечным сем’ях. Выкарыстана 11933, 16 рублёў на аплату працы.

Галіна СМАЛЯНКА

Комментирование и размещение ссылок запрещено.

Обсуждение закрыто.

Выбор языка сайта