Жители Кореличского района рассуждают о значимости исторической памяти

2022 год, аб’яўлены ў Беларусі Годам гістарычнай памяці, прызваны фарміраваць аб’ектыўныя адносіны грамадства да гістарычнага мінулага, захаваць і ўмацаваць адзінства беларускага народа.

Жыхары Карэліччыны разважаюць аб тым, што для іх значыць гістарычная памяць.

Ганна БАНДАРЫК,

ветэран працы з 42-гадовым стажам, жыхарка аграгарадка Ярэмічы:

— Што такое вайна? Гэта горыч, слёзы, страх… І не дай Божа, каб яна паўтарылася, каб людзі яшчэ хаця б адзін раз на сабе адчулі яе жахі. Асабліва балюча, калі губляеш родных людзей. Вось так і ў мяне: у 1942 годзе фашысты за сувязь з партызанамі расстралялі старэйшую сястру Валянціну. А колькі жыццяў забрала вайна?!

Як настаўнік на заслужаным адпачынку і як грамадзянін нашай краіны хачу звярнуцца да маладога пакалення: любіце Радзіму і беражыце яе. Трэба шанаваць тое, што маем. прымнажаць багацце роднай Айчыны. Старанна працаваць, каб наш край станавіўся прыгажэйшым, а людзі жылі заможна.

У сваім жыцці давялося шмат займацца грамадскай работай: дваццаць адзін год узначальвала грамадскую арганізацыю інвалідаў вайны і працы мясцовай гаспадаркі і трыццаць гадоў была старастай Ярэміч. Адно скажу: жыць пад мірным небам —  вялікае шчасце, і мір на зямлі трэба захаваць.

Вера СЦЯЦКО,

старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі г.п. Карэлічы, жыхарка райцэнтра:

— Лічу, што не толькі 2022 год, а ўвогуле ўсе дзесяцігоддзі з Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне — гэта перыяд гістарычнай памяці. У нашай сям’і ў 1945-ым  на вайне загінулі дзядуля Уладзімір Сяргеевіч Санько і дзядзька Аляксандр Уладзіміравіч Санько. Кожнае свята  бабуля сустракала са слязьмі на вачах, і мы, унукі, адчувалі гэты боль страты.

У  сям’і засталіся пісьмы з фронту ад дзядзькі Аляксандра.  Ён пахаваны на брацкіх могілках у Тукумскім раёне Латвіі. Гэтыя дарагія сэрцу лісты, пажоўклыя ад часу, перадалі піянеры з далёкай краіны. Гэты сямейны скарб перадаецца з пакалення ў пакаленне.

«Без мінулага не можа быць будучага» — гэтага дэвізу імкнуся прытрымлівацца ў жыцці. Лічу, што трэба вывучаць нашу  гісторыю, усе кропкі расставіць над «і», каб ніхто і ніколі не мог папракнуць нас. Мы заўсёды ўшаноўвалі поспехі і дасягненні свайго народа. Нездарма мы завёмся беларусамі.

У Год гістарычнай памяці наша ветэранская арганізацыя плануе займацца добраўпарадкаваннем тэрыторый каля абеліскаў і помнікаў.

Комментирование и размещение ссылок запрещено.

Обсуждение закрыто.

Выбор языка сайта