Марыя Паўлаўна Адзярэйка з вёскі Лагаватка мае званне «Заслужаны калгаснік» і ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі

Ва ўсе часы праца была ў пашане. Працавіты чалавек — паважаны ў грамадстве. Якой бы нялёгкай яна не была, руплівец  не апускае рукі, нягледзячы на цяжкасці, аддае сябе любімай справе спаўна. Прыходзіць прызнанне — старанні заўважаюць і чалавек адчувае гонар: праца патрэбная.

Маленькая радзіма Марыі Паўлаўны Адзярэйка — вёска Высадовічы, што на Брэстчыне. У Лагаватцы жыла цёця Ганна Казіміраўна, да якой дзяўчына прыязджала ў госці. Тут сустрэла свайго каханага, які жыў па суседстве, і 10 сакавіка 1962 года яны пажаніліся.

— У сакавіку будзе шэсцьдзясят гадоў нашаму шлюбу, — удакладняе юбілярша і пачынае гаворку аб самым дарагім у жыцці. Выхавалі з мужам трах дзецей, якія знайшлі сваё месца ў жыцці: Ірына працуе ў прыватным магазіне г.п. Карэлічы, Аляксандр — рабочым у СВК «Свіцязянка-2003», Таццяна — гардэробшчыцай у Лукскай сярэдняй школе — усе жывуць і працуюць на Карэліччыне, і гэта радуе. Маюць 4 унукаў і 3 праўнукаў.

Сама Марыя Паўлаўна пачынала працаваць свінаркай у калгасе «Большевик» Гарадзішчанскага раёна Брэсцкай вобласці. Калі выйшла замуж, хадзіла на працу ў паляводства. Розныя работы выконвала: ірвала лён, палола буракі, сушыла сена. «Куды брыгадзір пасылаў, туды ішла», — гаворыць жанчына.

У 1968 годзе ўладкавалася на ферму «Русацін». Час прайшоў непрыкметна, як і гады працы, чвэрць стагоддзя прысвяціла жывёлагадоўлі. Прысвоена званне «Заслужаны калгаснік» і ўзнагароджана ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі.

— Працавала шчыра, — успамінае субяседніца. — Рана ўставала і позна клалася. Памятаю, як заатэхнік Ждан Надзея Пятроўна прыйшла ўгаворваць ісці на ферму, і я дала згоду. Свякроў Ганна Іванаўна жыла разам і дапамагала глядзець дзяцей. Трэба было шмат працаваць, каб жыць у дастатку і дзяцей паставіць на ногі.

Муж Аляксандр Канстанцінавіч быў даглядчыкам буйной рагатай жывёлы  на ферме «Русацін». У асабістай гаспадарцы трымалі дзвюх кароў, свіней, авечак, птушку. У тры гадзіны ночы ўставалі, каб усё паспець зрабіць. Але шкадавання аб пражытым і зробленым няма.

Задаволена Марыя Паўлаўна і сённяшнім жыццём: «Добрую пенсію  атрымліваю, плацяць яе рэгулярна. Аўтамагазін тры разы на тыдзень прыязджае, добры выбар прадуктаў, усё свежае». Разам  з намі жыве сын Аляксандр, які даглядае нашу старасць. Чаму б не радавацца таму, што маем?»

Комментирование и размещение ссылок запрещено.

Обсуждение закрыто.

Выбор языка сайта